Абрад “Шчодрык” у вёсцы Рог. Запрашаем удзельнікаў і жадаючых

Абрад “Шчодрык” захаваўся ў вёсцы Рог Салігорскага раёна па сённяшні дзень. Значна тое, што захаваўся ён ў тым выглядзе, у якім яго ведалі нашы продкі. Праводзіцца ён на Шчодры вечар (у ноч з 13 на 14 студзеня). Захавалі і перадалі яго сваім дзецям і ўнукам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Палескія крыніцы” Восаўскага сельскага Дома культуры.
Абрад “Шчодрык” адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – гэта дзед Продак і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма на Беларусі.
Запрашаем усіх удзельнікаў і жадаючых 13 студзеня 2015 г. ў 18.00 (збор каля Восаўскага сельскага Дома культуры Салігорскага раёна) разам з народным фальклорным калектывам “Палескія крыніцы” акунуцца ў атмасферу надзвычай старажытных і своеасаблівых з’яў каляндарна-песеннай культуры, якая вызначаецца сваёй этнаграфічнай арыгінальнасцю, своеасаблівасцю музычнага стылю. У 2011 годзе наша здымачная група далучылася да святкавання. Аб сваіх уражаннях расказвае Святлана Скрыпнік.